Тэма 3. Функцыі імёнаў уласных у мастацкім тэксце

 

Асноўнай і першаснай функцыяй імені ўласнага ў мове ў цэлым і ў мастацкім тэксце ў прыватнасці мы лічым намінацыйна-ідэнтыфікацыйна-дыферэнцыяльную функцыю.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што моўныя (дэнататыўныя) функцыі оніма ў мастацкім тэксце становяцца другаснымі, а на першы план выхо-
дзяць стылістычная (уключае два кампаненты – інфармацыйна-стылістычны і эмацыйна-стылістычны), эстэтычная [36, с. 32–40] і ідэа-
лагічная [36, с. 108] функцыі.

В. І. Фанякова галоўнай функцыяй імёнаў уласных у мастацкім тэксце называе эстэтычную гіперфункцыю, якая ўключае ў якасці складнікаў камунікатыўна-намінатыўную, характаралагічную, тэмпаральную, лакаль-
ную, ідэалагічную і культурна-гістарычную функцыі [163, с. 24].

На думку А. Ф. Рогалева, В. Г. Гарбачовай, І. М. Петрачковай, эстэтычная (мастацкая) функцыя імён уласных у мастацкім тэксце наклад-
ваецца на намінатыўна-ідэнтыфікацыйна-дыферэнцыяльную, паколькі асноўнае прызначэнне паэтоніма заключаецца ў тым, каб іменаваць герояў і тым самым іх адрозніваць. Толькі на гэтай падставе становіцца маг-
чымым удзел імені ўласнага ў стварэнні вобразаў. Эстэтычную ж функцыю (другую галоўную функцыю паэтоніма) трэба разумець як абагульненне некалькіх прыватных функцый, якія рэалізуюцца на ўсіх узроўнях тэксту – моўным, структурна-кампазіцыйным, ідэйным – у сувязі з задачамі стварэння вобразнасці.

Складнікамі эстэтычнай (мастацкай) функцыі з’яўляюцца наступныя кампаненты: характарыстычны, стылістычны, ідэалагічны, сацыяльны, культурна-гістарычны [36, с. 28; 119, с. 6–8]. Кожны з названых кампа-
нентаў праяўляецца ў большай ці меншай ступені ў канкрэтных паэтонімах.

Характарыстычны кампанент абумоўлены невыпадковасцю выбару імені ўласнага ў мастацкім творы. Здольнасць паэтонімаў “гаварыць” аблягчае раскрыццё ідэйнай задумы твора і аўтарскіх адносінаў да створа-
ных вобразаў. Напаўняючыся “абертонамі сэнсу” [36, с. 28], імя ўласнае ўдзельнічае побач з іншымі элементамі ў стварэнні ідэйна-вобразнай “тканіны” твора. Так, прозвішча Нядбайла, якое належыць герою аповесці Г. Марчука “Паляшук”, выклікае асацыяцыі са словам нядбайны ‘які абыякава, нядобрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, спраў, лянівы’ [156, с. 395]. Кантэкст спрыяе сэнсаваму напаўненню гаваркога антрапоніма, які мае асуджальнае значэнне. Старшыня калгаса Нядбайла запусціў гаспадарку, не клапоціцца пра аднавяскоўцаў. У прыватнасці, ён спыняе будаўніцтва на сяле ясляў, якія дапамаглі б маладым бацькам і ўтрымалі б моладзь на сяле. Прозвішча персанажа дапамагае адцяніць ідэю твора. Пісьменнік паказвае, як многа ў нашай дзяржаве абыякавых, незацікаўленых, непрафесійных кіраўнікоў. “Нядбайлу калгас сваім не стаў. Не-е. Хоча ўзнагароду атрымаць ды падацца вышэй. Колькі іх, такіх старшынь, за гэтыя трыццаць гадоў памянялася, бадай, не палічыць – пальцаў не хопіць” [103, с. 323]. Для наймення героя п’есы “Вясёлыя, бедныя, багатыя” Г. Марчук выбірае прозвішча Тушканчыкаў. Назвы жывёл здаўна выкарыстоўваюцца ў мове для характарыстыкі і ацэнкі пэўных людскіх якасцяў. У прыватнасці, назвы малых жывёл ужываюцца для ацэнкі хітрых людзей: такім жывёлам трэба “круціцца”, каб выжыць. Найменне экзатычнага звярка, пакладзенае ў аснову прозвішча, падкрэс-
лівае чужароднасць персанажа ў адносінах да простых, сумленных пале-
шукоў. І. Штэйнер праводзіць аналогію паміж Робертам Тушканчыкавым і купалаўскім шляхетным жаніхом Адольфам Быкоўскім [171, с. 79]. Г. Марчук, як і Янка Купала, стварае камічнае спалучэнне экзатычнага імені Роберт і прозвішча “жывёльнага” паходжанння. Праўда, сучасны “дэфіцытны” жаніх больш вынаходлівы, чым яго папярэднік. Калі марай Быкоўскага была добрая жонка на моцнай гаспадарцы, то сучаснаму лавеласу патрэбны “Жыгулі”, кааператыў і тыгр у кватэры. Апелятыўная семантыка прозвішча “ажывае” за кошт каламбурнага ўжывання оніма ў рэпліках персанажаў, напрыклад: “О, здаецца, Тушканчыкаў да нас скача” [100, с. 110]; “Сувязей у Тушканчыкава ў горадзе, мамо, як блох у ката” [100, с. 106]. Характарыстычнае прозвішча з’яўляецца сродкам адмоўнай ацэнкі героя. Выконваючы характарыстычную функцыю, антрапонімы ў гістарычнай прозе і драматургіі Георгія Марчука даюць чытачу інфармацыю пра знешнасць аб’екта характарыстыкі (прозвішчы Грыва, Багатырэвіч, мянушкі Крываножка, Барадулька), пра маральныя якасці героя (асабовыя імёны Мітусь, прозвішчы Ліхадзей, Нядбайла, Злобін, Горыч, мянушкі Капрызная, Ціхая, Гарохавы кароль, Бомба), пра асаблівасці маўлення індывіда (мянушка Мэко, прозвішча Балаболка), пра род заняткаў персанажа (мянушкі Кіншчык, Цаліна, Гурок, Барка).

“Некаторыя імёны ў самім значэнні зыходнай апелятыўнай асновы (гэта датычыцца галоўным чынам мянушак) і ў сваім афармленні (у суфіксальнай частцы) заключаюць тыя ці іншыя эмацыйна-экспрэсіўныя адценні, што складае стылістычны кампанент мастацкай функцыі паэтонімаў, які выступае часцей за ўсё ў спалучэнні з характарыстычным кампанентам [119, с. 7]. На прыкладзе анамастыкону гістарычнай прозы Георгія Марчука можна паказаць, што стылістычны кампанент мастацкай функцыі паэтонімаў заключаецца ў тым, што характарыстычныя онімы не толькі называюць персанажаў, але і даюць ім станоўчую (прозвішча Харашун, мянушка Акадэмік) або адмоўную (прозвішчы Булька, Свістун, Тушканчыкаў, мянушкі Кобра, Капрызная, Рыла ты, рыла) ацэнку. Акрамя таго, паэтонімы перадаюць дастаткова шырокі спектр эмоцый. У мянушках і прозвішчах эмоцыі і пачуцці выражаюцца праз лексічнае значэнне асновы онімаў. Гэта захапленне (Акадэмік), жартаўлівасць (Тушканчыкаў, Рыла ты, рыла), пагарда (Кобра, Бражка, Карыта з чырвонцамі) і інш. Напрыклад, інфармацыю як пра знешні выгляд, так і пра характар персанажа нясе прозвішча Грыва, якое належыць герою навелы Г. Марчука “Трагікі і комікі”. Першая асацыяцыя, звязаная з гэтым прозвішчам, узнікае, калі чытач знаёміцца з партрэтам персанажа. “Дзівіліся, адкуль у гэтага хударлявага, сярэдняга росту мужчыны (а з гадамі рыжая капа валасоў на галаве не пасівела і не паменшала) такі заваражальны барытон” [102, с. 332]. Па меры развіцця сюжэта про-
звішча нараджае яшчэ адну асацыяцыю. Як вядома, грыва – адзін са знешніх і самых яркіх атрыбутаў цара звяроў ільва. Як леў, змагаецца знакаміты артыст Грыва за свае погляды на мастацтва. Акцёр не баіцца пярэчыць помсліваму інтрыгану-рэжысёру. Ведучы мужную барацьбу за сваю мастацкую пазіцыю, герой памірае на сцэне. На майстэрства героя навелы “Роспач”, яго кемлівасць, розум, якія праяўляюцца ва ўменні рамантаваць самыя разнастайныя прыборы, паказвае мянушка Акадэмік. У аснове мянушкі – метафарычнае ўжыванне назвы найвышэйшага вучо-
нага звання ў якасці адабральнага характарыстычнага наймення кемлівага чалавека з залатымі рукамі. “Другі стрыечны брат, з мянушкаю Акадэмік, умеў рамантаваць прасы, швейныя машыны, пыласосы, тэлевізары, лодачныя маторы, электрабрытвы, радыёлы і самалёт-кукурузнік, які аднойчы сапсаваўся і сеў на Каморы за мястэчкам” [102, с. 299].

Мянушкамі – характарыстыкамі маральных якасцяў гераіні рамана Г. Марчука “Вочы і сон” з’яўляюцца празванні Кобра і Панікёрша: “Завуч мясцовай школы Варвара Якаўлеўна сярод вучняў мела мянушку Кобра, а сярод настаўнікаў Панікёрша” [99, c. 55]. Першая мянушка характа-
рызуе персанажа як бязлітаснага, помслівага настаўніка. “Варвара Якаўлеўна ашалела ад сваёй бескантрольнай улады. Баяліся і, як мышы, паводзілі сябе вучні на яе ўроках, зубрылі гісторыю, як колісь дзяды «Ойча наш»” [99, с. 105]. Празванне гераіні ўтворана ў выніку метафарычнага ўжывання назвы небяспечнай для чалавека змяі ў якасці мянушкі жанчыны, вызначальнымі рысамі якой з’яўляюцца жорсткасць, хітрасць, агрэсіўнасць. Другое найменне гераіні (Панікёрша) перадае яе панічны страх перад начальствам, імкненне дакладна выконваць усе, нават самыя бессэнсоўныя загады, спушчаныя зверху. Абодва празванні маюць адценне грубасці, знявагі, пагарды.

Ва ўласных асабовых імёнах эмоцыі і пачуцці выражаюцца дзякуючы багатаму набору суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі. Толькі ў кантэксце мастацкага твора можна вызначыць, якія пачуцці выражаюцца тым ці іншым варыянтам імені. Напрыклад, у рамане “Сава Дым і яго палюбоўніцы” адна з гераінь паслядоўна называецца Томкай. Праз гэтую форму аўтар выражае пагарду да дзяўчыны з амаральнымі паводзінамі: “І ўсё ў гэтай Томкі было на продаж: усмешка, вычварныя манеры, смех з прычыны і без прычыны” [99, с. 240].

Сацыяльная функцыя паэтонімаў заключаецца ва ўказанні праз пасрэдніцтва імён на месца персанажаў у сацыяльнай іерархіі. Так, у рамане З. Дудзюк “Велясіты”, прысвечаным дахрысціянскай гісторыі славянскіх плямёнаў, прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў маюць складаныя імёны (Святаслаў, Веляслаў, Міраслава), што накрэсліваюць жыццёвы шлях слаўных і магутных валадароў, якім спрыяюць багі. Прадстаўнікі ніжэйшых саслоўяў названы празваннямі-мянушкамі, якія акрэсліваюць знешнасць (Агнян, Злаціца, Лілея), унутраную сутнасць чалавека (Весяліна, Радуня, Гаразд), абставіны нараджэння (Обрыч – дзіця, народжанае ад обра) і інш. У рамане З. Дудзюк “Год 1812” паказчыкам сацыяльнай прыналежнасці герояў з’яўляюцца іх прозвішчы. Так, прадстаўнікі шляхты маюць прозвішчы на -скі (Дабжынскі, Ажахоўскі, Ляснеўскі, Маеўскі), а расейскія вайскоўцы і чыноўнікі носяць патранімічныя прозвішчы з суфіксамі -оў-, -еў-, -ін- (Лавашоў, Катухоў, Шувалаў, Нарышкін). Прозвішчы сялян прыгадваюцца толькі тройчы, што з’яўляецца сведчаннем таго, што ў ХІХ стагоддзі прозвішчы сялянства працягваюць фарміраванне і пакуль не ахопліваюць усіх прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў.

Культурна-гістарычны кампанент эстэтычнай (мастацкай) функцыі абумоўлены тым, што любое імя ўласнае адпавядае спецыфіцы анамас-
тычнай сістэмы адлюстраваных часу і прасторы. Паэтонім называюць культурна-гістарычным феноменам, носьбітам гістарычнай і этнакультур-
най інфармацыі, выразнікам нацыянальнай ментальнасці. Паэтонім “упісаны” ў пэўны сацыякультурны кантэкст, інакш кажучы, ён культурна-гістарычна абумоўлены. Імя персанажа перадае светаўспрыманне і света-
погляд чалавека пэўнага часу. Напрыклад, у антрапанімічнай прасторы твораў З. Дудзюк, якія адлюстроўваюць дахрысціянскі этап гісторыі славянскіх плямёнаў (у рамане “Велясіты”, аповесці-хранографе “Славянскія князі”), прысутнічаюць празванні-мянушкі славянскага паходжання, што выражаюць веру людзей у паяднёнасць з прыродай праз продка-татэма (Лілея, Дубраўка, Дзірван, Прыгожы Сокал), імкненне праз імя атрымаць дапамогу багоў (Веляслаў, Ардагаст), накрэсліць шчаслівы лёс (Валук, Славун), зберагчы ад хвароб і няўдач (Неўдах, Нябул).

Асаблівасці светаадчування старажытных славян перадаюцца праз ужыванне тэонімаў – найменняў бостваў. Нашы продкі верылі, што навакольны свет напоўнены багамі і духамі, імкнуліся мірна суіснаваць з боствамі, пастаянна звярталіся да іх. Адным з галоўных багоў, якому пакланяліся велясіты, быў гаспадар Дзікай прыроды, уладар Непазнанага, магутны Вялес. Імя яго носіць племя і стольны горад княства (Волас). Князі велясітаў (напрыклад, Веляслаў) называюцца імёнамі, у склад якіх уваходзіць найменне бога. У час навальніцы людзі звярталіся да Перуна з мальбой нікога не забіваць. А дзяўчаты прасілі дапамогі ва ўладкаванні асабістага жыцця ў Лады – апякункі шлюбаў. У замовах гучыць назва Алатыр-камень – святы камень, бацька ўсіх камянёў, пасярэднік паміж Богам і чалавекам. Прыгадваецца і востраў Буян, які знаходзіцца ў цэнтры свету і надзяляецца цудоўнай сілай. Мусульманін Муса ўзносіць малітвы Алаху, а жыхары Візантыі пакланяюцца Ісусу Хрысту. Праўда, базіліса Ірына (хазарка Багдагуль па нараджэнні) “сам-насам пакланялася магутным язычніцкім багам і толькі ад іх чакала яна дапамогі. Асабліва часта звярталася да ўсемагутнага бога неба Тэнгры” [41, с. 38].

Бачанне свету чалавекам ІХ–Х стагоддзяў перадаецца праз выкарыс-
танне найменняў культавых збудаванняў: хрысціянскіх храмаў (храм Святой Сафіі) і язычніцкіх свяцілішчаў (храм бога Святавіта). Каларыт мінуўшчыны перадаецца таксама дзякуючы ўжыванню ў рамане ўстарэлых геаграфічных назваў: Канстанцінопаль (Стамбул), Салунь (Салонікі), Пена (Піна), Волас, Велясіція, Вялікая Рымская імперыя, Візантыя).

У дачыненні да фальклорных онімаў культурна-гістарычны кампанент эстэтычнай функцыі можна трактаваць як культурна-міфалагічны. Так, казачныя імёны ўласныя ў большай ступені, чым літаратурныя онімы, дэтэрмінаваны архаічнай культурай, таму што непасрэдна звязаны з генетычнай памяццю народа і з прадстаўленымі ў казках архетыпамі. Напрыклад, надзвычай цікавую і адметную менавіта для  казак групу найменняў складаюць празванні, у якіх адлюстроўваюцца абставіны нараджэння дзіцяці. Такія найменні надзвычай багатыя на культурную інфармацыю, якую яны захавалі. Так, час нараджэння асілкаў-багатыроў дакладна фіксуецца ў іх імёнах: “На старасці баба нарадзіла ў адну ноч трох сыноў. Большага сына нарадзіла вячэрняга, сярэдняга паўночнага, меншага заравога. І баба-пупарэзніца налажыла ім усім імя Іван: Іван Вячорка, Іван Паўночнік, Іван Заравы” [3, с. 64]. Чаму самым спрытным, моцным, разумным аказваецца менавіта Заравы? У гаваркім імені знаходзім глыбокі міфалагічны падтэкст. “Багатыр Заравы ўвасабляе сілу Дня, Святла, якія абараняюць свет ад варожых чараў, перамагаюць зло” [131, с. 64]. Заўважым, што досыць часта асілкі-багатыры нараджаюцца не чалавекам, а жывёлай: Суччын сын, Кабылін сын, Івашка Мядзведжае вушка. У такіх імёнах адлюстравана вера ў тое, што продкамі чалавека з’яўляюцца жывёлы. У момант небяспекі татэмныя продкі-жывёлы вяртаюцца з таго свету і ратуюць нашчадкаў [131, с. 65]. Культурна-міфалагічную функцыю выконваюць паэтонімы аўтарскіх казак. Прозвішча галоўных герояў казкі Алены Дэбіш “Замак тайн” сясцёр-блізнят – Лебедзевы – утворана ад наймення птушкі. Паводле міфалагічных уяўленняў, птушка – пасярэднік паміж светам жывых і памерлых. Акрамя таго, лебедзі – вадаплаўныя птушкі, а вада – мяжа паміж двума светамі, спосаб перамяшчэння душ памерлых у царства мёртвых, што азначае іх сувязь з “тым” светам. Сёстры Лебедзевы сапраўды тонка адчуваюць прысутнасць “таго” свету – бачаць прывідаў. Каханне Леры Лебедзевай ажыўляе прывід герцага. Персанажамі казкі Г. Марчука “Каваль Сілуян і злы дух” з’яўляюцца звышнатуральныя істоты – Касавокая Русалка і Пачварнік, адзінае вуха якога было заўсёды чырвоным ад злосці: “Ён нікога не любіў, толькі зайздросціў, рознымі хітрыкамі прывабліваў новых грэшнікаў. Чым больш іх будзе кіпець у пякельнай смале, тым лепш” [105, с. 18]. У даследаваннях анамастыкону народных казак адзначаецца, што фізічная непаўнацэннасць і асіметрыя злыдняў звязаны са зрокавым аспектам успрымання іншасвету. “У адпаведнасці з міфалагічнымі ўяўленнямі, завеса, якая хавае іншасвет, пры яго візуалізацыі прыўзнімаецца як бы з аднаго боку, робячы бачнай толькі яго палову, што і спрыяе ўзнікненню дыспрапарцыянальных, няпоўных форм міфалагічных персанажаў” [36, с. 132]. У сувязі з адзначаным фантастычныя казачныя персанажы, прыўнесеныя з народнай казкі, маюць фізічныя дыспрапорцыі, што адлюстравана ў гаваркіх імёнах. Такім чынам, сэнс паэтонімаў аўтарскіх казак раскрываецца праз веданне архаічнай культуры.

Ідэалагічны складнік мастацкай функцыі заключаецца ў тым, што праз імёны персанажаў аўтар  выражае ідэю твора. Так, аналіз зместу нарыса З. Дудзюк “Леў”, прысвечанага лёсу славутага палітыка і мецэната Льва Сапегі, раскрывае сэнсава-эмацыйнае напаўненне імені галоўнага героя, якое з’яўляецца загалоўкам твора. Актуалізуючы этымалагічнае значэнне паэтоніма, які становіцца іменем-сімвалам, пісьменніца выказвае ідэю таго, што менавіта такія львы – атланты, волаты духу – становяцца героямі свайго часу. Яны – добры прыклад служэння народу, мужнай абароны радзімы ад жорсткага і моцнага ворага, захавання мовы і гістарычнай спадчыны шляхам стварэння прававога грамадства. У раманах Георгія Марчука “Вочы і сон”, “Без ангелаў”, “Год дэманаў” праз пасрэдніцтва прамагаваркіх прозвішчаў і мянушак, якія называюць прадстаўнікоў савецкай улады (Ліхадзей, Нядбайла, Свістун, Злобін, Рыла ты, Рыла, Гарохавы кароль, Ракіна), аўтар паказвае, што кіруюць дзяржавай  амаральныя, бязлітасныя, абыякавыя да чалавечых праблем людзі. Напрыклад, празрыстую ўнутраную форму мае мянушка Гарохавы кароль, якая належыць герою рамана Г. Марчука “Без ангелаў” Зоту Мітрафанавічу Галушку. Носьбіт мянушкі – чалавек, надзелены ўладай. Праўда, ён нічога не робіць, каб дапамагчы людзям у вырашэнні іх надзённых праблем. “Зот Мітрафанавіч усім абяцаў дапамогу, абавязкова спасылаючыся на моцную руку зверху. Дзед Адолік ахрысціў яго Гарохавым каралём. За знешняй увагай і актыўнасцю хавалася звычайная апатыя і бязвер’е да ўсяго, акрамя гарэлкі, якую ён мог піць у любы час сутак. Быў ён дзядзька пацешны” [98, с. 80]. Мянушка Гарохавы кароль асацыятыўна звязваецца, на нашу думку, з фразеалагізмам пудзіла гарохавае ‘пусты чалавек, варты смеху’. Сапраўды, вяскоўцы пасмейваліся са старшыні, не ўспрымалі яго ўсур’ёз, лічылі балбатуном, пустасловам.

Мянушка старшыні калгаса Вінцуся Лабунькі звязана з уведзеным ім звычаем віншаваць вяскоўцаў з дзяржаўнымі святамі выкананнем песень і канцэртных нумароў. “Вінцусь Пятровіч уваходзіў у хату і ад імя ўрада віншаваў са святам і жадаў здароўя, шчасця і энтузіязму ў выкананні планаў пяцігодкі. Музыкант шпарыў усюды польскае «Сто лят» і «Рулатэ рула». Так нажыў сабе Вінцусь Пятровіч мянушку «Рулатэ рула пайшоў». Нехта жартаваў: «Рыла ты, рыла»” [98, с. 101]. Злая іронія адчуваецца ў мянушцы, якая з’яўляецца сродкам характарыстыкі несур’ёзнага, непрафесійнага кіраўніка калгаса, што запомніўся вяскоўцам не працай, а “гучнымі” мерапрыемствамі.

Прозвішча аднаго з персанажаў рамана Г. Марчука “Сава Дым і яго палюбоўніцы” – Свістун. Онім гэты матывуецца пераносным значэннем адпаведнага апелятыва ‘чалавек, які шмат гаворыць, але мала робіць; балбатун’ [156, с. 591]. Аўтар падкрэслівае, што словаблудства – не толькі прафесія лектара ЦК КПБ Марата Свістуна, але і сапраўднае прызванне чалавека, які толькі тым і займаецца, што “нясе нейкую бязглуздзіцу, называючы прозвішчы то аднаго вядомага партыйнага кіраўніка, то другога, увесь час абяцаючы, што пытанні будуць вырашаны станоўча” [99, с. 284].

Прозвішча Бяда, якое мае галоўны герой рамана Георгія Марчука “Без ангелаў”, – адзін са сродкаў, што дапамагае перадаць трагедыю пакалення духоўна скалечаных, атручаных савецкай ідэалогіяй людзей-рабоў. Сяргей адзначае: “З юнацтва я шчыра і аддана верыў нашым кіраўнікам, друкаванае слова выклікала павагу, поўны давер. Перадавіца «Правды» замяніла мне Біблію. Я прымаў усё на веру, не задумваючыся” [98, с. 116]. Потым пісьменнік з надзвычайнай дакладнасцю фіксуе разлад, расчараванне ў жыцці “правільнага, ідэйнага савецкага чалавека”. Страціўшы ідэалы, герой не змог знайсці свайго месца ў жыцці, заблытаўся ў ніцях часу. Сімвалічным з’яўляецца сон Сяргея. “Мне аднойчы так і прыснілася, што нясу крыж, але не драўляны, а чыгунны, цяжкі, цяжкі” [98, с. 132]. Аўтар падкрэслівае, што галоўная бяда яго героя – жыццё бездухоўнае, без спагады да людзей, без веры. “Што зробіць голы чалавек, калі ён сам будзе без любові, без Бога. Без сумлення” [98, с. 132]. Бяда не змог знайсці сябе ні ў кар’еры, ні ў грамадскім жыцці, ні ў сям’і. Не прынёс ён радасці, любові, шчасця блізкім людзям – жонцы, дзецям. Характарыстычнае прозвішча Бяда – свайго роду прадказанне трагічнага лёсу не толькі аднаго чалавека, але і цэлага пакалення, духоўна аголенага, атручанага ідэалогіяй, скалечанага нянавісцю і злосцю.

У кантэксце мастацкіх твораў паэтонімы могуць выконваць выхаваўчую функцыю. Напрыклад, нярэдкімі ў кантэксце аўтарскіх казак, адрасаваных маленькім чытачам, з’яўляюцца эмацыйна-ацэначныя імёны персанажаў. Дыяпазон пачуццяў, што выражаюцца з дапамогай такіх імёнаў, надзвычай шырокі. Найперш гэта ласка, спачуванне, павага: “Падрастала Адарка, падрастаў і Васілёк – сын адной беднай удавіцы, што жыла ў паселішчы, якое – хата да хаты – тулілася ў нізінцыля самай ракі” [9, с. 9]. Доля пеератыўных імёнаў у дзіцячай літаратуры нязначная. Гэта звязана са станоўчай эмацыйнай і этычнай накіраванасцю твораў для дзяцей: сучасная казка павінна вучыць сябраваць з людзьмі, паважаць і любіць іх.

Такім чынам, літаратурныя і фальклорныя паэтонімы, якія ўдзельнічаюць ў стварэнні другаснай семіятычнай сістэмы мастацкага дыскурсу, акрамя асноўнай (ідэнтыфікацыйнай, дыферэнцыяльнай) функцыі, выконваюць эстэтычную (выяўленча-характарыстычную, уласна мастацкую) функцыю, прадстаўленую сістэмай прыватных функцый – характарыстычнай, стылістычнай, сацыяльнай, ідэалагічнай, культурна-гістарычнай, культурна-міфалагічнай, выхаваўчай.